Вайсковая камісія БНК накіравала прапановы Міністэрству абароны

заява БНК

Адбылося першае пасяджэнне Вайсковай камісіі Беларускага Нацыянальнага Кангрэса.

Аб гэтым паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Мікалай Статкевіч:

«Былі абмеркаваны і прыняты прапановы камісіі для міністэрства абароны па падвышэнню маральна-псіхалагічнай гатоўнасці беларускага войска да абароны незалежнасці краіны. Гэтыя прапановы ўжо накіраваны міністру абароны электроннай і звычайнай поштай. Грамадскасць будзе азнаёмлена з імі крыху пазней.

Вылучаючы свае прапановы, мы ставілі на мэце звярнуць увагу грамадства на захады, неабходныя дзеля надзейнай абароны Беларусі ад пагроз з усіх накірункаў. Яны відавочныя, але правячы рэжым ужо болей за 20 год ігнаруе гэтую відавочнасць, чым ставіць пад пагрозу існаванне нашай дзяржавы, мір і спакой беларускага народа.

Рэакцыя рэжыма (міністэрства абароны тут толькі прамежкавая інстанцыя) на прапановы Вайсковай камісіі будзе сведчыць, ці гатовыя людзі, службовым абавязкам якіх з’яўляецца абарона незалежнасці краіны ад усіх мажлівых пагроз, нарэшце заняцца сумленным выкананнем свайго абавязку. Ці яны і далей збіраюцца хаваць галаву ў пясок і рабіць выгляд, што праблемы гатоўнасці войска супрацьстаяць мажлівай пагрозе з усходу не існуе.

Калі рэакцыя на нашы прапановы засведчыць пра негатоўнасць кіраўніка рэжыма прымаць рэальныя і аператыўныя захады, каб выправіць становішча ў войску, то патрыятычная частка грамадства будзе змушана шукаць шляхі для падвышэння здольнасці беларускага народа бараніць сваю дзяржаўнасць».

Фото: Arche.by