Статкевіч агучыў план далейшых дзеянняў

Статкевіч распавёў пра план дзеянняў

Адзін з арганізатараў менскага «Маршу абураных беларусаў» 17 лютага Мікола Статкевіч распавёў пра мэту і пляны акцыяў пратэсту.

У інтэрвію журналіст «Радыё Свабода» задаў лідэру Беларускага нацыянальнага кангрэса некаторыя пытаньні, якія гучалі падчас апошніх мітынгаў і шэсьцяў у розных гарадах краіны.

Мікалай Статкевіч распавёў, што рыхтуецца да публікацыі кароткая інфармацыя пра арганізацыю. Там будуць усе кантакты, у тым ліку і тэлефоны рэгіянальных каардынатараў. Зацікаўленыя змогуць па гэтых нумарах запісацца ў валянтэры БНК.

«Калі людзі наракаюць, што ніхто не зьбірае грошай на апаратуру, ці для наступных акцыяў, а яны, маўляў, хочуць ахвяраваць, то няхай чакаюць. У нашых профілях у сацыяльных сетках будуць прозьвішчы. Дамаўляцеся і скідвайцеся на гэтую тэхніку самі. Ніхто іншы ня будзе гэтым займацца. — кажа палітык. — Людзі разумеюць і дзякуюць. Трэба разумець, што адзін пастух туды не наезьдзіцца. Тым больш, што з адным пастухом можна што заўгодна зрабіць. Лепш няхай ідзе самаарганізацыя праз памылкі».

Статкевіч заклікаў рыхтавацца да Дня Волі ў Менску і папрасіў арганізатараў акцыяў у іншых гарадах адмовіцца ад правядзеньня ў гэты дзень мітынгаў у іншых гарадах.

«Праблема вырашаецца ў Менску. 25 сакавіка трэба быць тут. Калі прыйдзе некалькі дзясяткаў тысяч, тады 26-га мы паедзем у рэгіёны. І ўжо там будзем удзельнічаць і выступаць разам. А калі 25-га сакавіка людзей прыйдзе больш, чым я мяркую, то магчыма, што людзі і не захочуць разыходзіцца. І тады тым больш будуць патрэбныя акцыі ў рэгіёнах, каб адтуль розныя АМАПы не ехалі ў Менск. Каб людзі змаглі спакойна і мірна працягваць свой пратэст. Наша сытуацыя вельмі далікатная. Мы мусім моцна прыціснуць уладу, каб прымусіць яе саступіць народу. Але пры гэтым нельга даць магчымасьці для зьнешняга ўмяшаньня. Трэба дзейнічаць па адным пляне. Ён у нас ёсьць. Мы па ім працуем. Паверце нам!» — заявіў Мікола Статкевіч.

Першая акцыя супраць падатку на «дармаедзтва» 17 лютага ў Менску была арганізаваная Беларускім нацыянальным кангрэсам. У яго ўваходзяць 7 агульнанацыянальных арганізацыяў і 13 рэгіянальных кааліцыяў. Акцыі ў рэгіёнах арганізоўваліся мясцовымі апазыцыйнымі актывістамі, якія прадстаўлялі розныя партыі і рухі, або наагул адбываліся стыхійна.

Фота: svaboda.org