Сяргей Верамеенка: Беларусам трэба адчуць сябе гаспадарамі у сваёй краіне

Сяргей Верамеенка: Беларусам трэба адчуць сабе гаспадарамі у сваёй краіне

Сацыяльныя пратэсты павінны каардынавацца з аднаго цэнтра.

Аб этым заявіў гарадзенскі каардынатар Беларускага Нацыянальнага Кангрэса і ўдзельнік аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Сяргей Верамеенка. У інтэрв’ю прэс-службе БНК палітык распавёў пра настроі жыхароў горада і далейшыя планы дэмакратычных сілаў.

— Вы часта размаўляеце з іншымі людзьмі, у тым ліку з тымі, хто не ўваходзіць у нейкія палітычныя арганізацыі. Якія настроі ў іх?

— Сапраўды, апошнім часам і са мной, і з іншымі актывістамі выходзяць на сувязь людзі розных поглядаў, прафесій і сацыяльных груп. Іх агульнае меркаванне можна выразіць адным словам — абурэнне. Людзі бачаць, што ўлада дайшла да таго, што абсалютна не лічыцца з імі.

— Ці гатовыя гарадзенцы выходзіць на вуліцы і пратэставаць?

— Думаю, што так. Многія, канешне хвалююцца з-за таго, што могуць страціць тое апошняе, што маюць. Але калі мы ня хочам, каб над намі нехта сядзеў і паганяў пугамі, беларусам трэба пераадолець гэта, трэба нарэшце адчуць сябе гаспадарамі у сваёй краіне.

— Распавядзіце, калі ласка, пра планы гарадзенскіх дэмакратаў на бліжэйшы час.

— Наступная акцыя ў Горадні пройдзе 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі а 18 гадзіне. Месца пакуль не вызначанае, бо арганізатары чакаюць адказу ад гарадскіх уладаў.

Мы яшчэ будзем абмяркоўваць далейшыя планы, але маё персанальнае меркаванне супадае з прапановай Мікалая Статкевіча: тыя актывісты з рэгіёнаў Беларусі, якія плануюць 25 сакавіка прыехаць у Менск на Дзень Волі, павінны праводзіць акцыі на наступны дзень, у нядзелю, 26 сакавіка, у сваіх гарадах — не толькі абласных, але і раённых цэнтрах.

У сувязі з гэтым хацелася б звярнуцца да кіраўнікоў усіх партый і арганізацый: давайце прыкладзем усе намаганні для таго, каб пратэст каардынаваўся адзіным цэнтрам, і мы выступілі адзінай сілай. Тады людзі ўбачаць, што вы можаце дапамагчы ім. А пра свае ідэалогіі і інтарэсы будзем спрачацца пасля таго, як вернем свабодныя і справядлівыя выбары.