Пратэст не спыніць: сёння — Бабруйск, Ворша, Рагачоў

марш в Барановичах

Маршы абураных беларусаў 12 сакавіка пройдуць у трох буйных гарадах.

Акцыя ў Бабруйску пачнецца апоўдні на плошчы Перамогі.

«Гэта ўжо другі Марш абураных беларусаў у нашым горадзе. Упэўнены, што будзе яшчэ больш людзей, чым на мінулым, бо патрабаванні, якія ўпершыню агучыў у Менску 17 лютага Мікола Статкевіч, дагэтуль не выкананыя. Уладам пара зразумаець — мы не адступім, бо, дзякуючы ім, губляць народу ўжо няма чаго. І калі яны не пойдуць на перамовы, то 25 сакавіка ў Менску выйдуць дзесяткі тысяч людзей, а на наступны дзень паўстане ўся краіна!» — кажа актывіст БНК з Бабруйску Ігар Новікаў.

Акцыя ў Воршы пачнецца ў 13 гадзін на Цэнтральнай плошчы.

«Мы плануем заклікаць жыхароў нашага горада ехаць у Менск 25 сакавіка і заявіць аб правядзенні наступнай акцыі ў Воршы 26 сакавіка. Настрой у людзей вельмі рашучы», — паведаміў раней каардынатар БНК у Воршы Васіль Бераснеў.

Акцыя ў Рагачове пачнецца ў 16 гадзін ля райвыканкаму (вулица Інтэрнацыянальная, 7).

«Тут кожны другі не працуе ці працуе не поўны працоўны дзень, людзі атрымліваюць па 70-80, хтосці — па 150 рублёў. Сітуацыя катастрафічная, і раён можа падарвацца, сацыяльны выбух можа адбыцца ў любы момант », — распавёў тэлеканалу «Белсат» мясцовы актывіст Дзяніс Дашкевіч.

Акцыі ў рэгіёнах падтрымаў лідэр БНК Мікалай Статкевіч.

«Мая павага і ўдзячнасць мужным і годным людзям, якія выйдуць на плошчы Бабруйска, Воршы і Рагачова. Удачы вам. І да сустрэчы ў Мінску 25 сакавіка. Уладу — народу!» — напісаў палітык у сваім акаўнце ў «Фэйсбуку».