Сяргей Верамеенка: Відавочна, што наперадзе — вялікія перамены

Сяргей Верамеенка: Беларусам трэба адчуць сабе гаспадарамі у сваёй краіне

Якім шляхам яны пройдуць — залежыць толькі ад нас.

Гарадзенскі каардынатар Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Сяргей Верамеенка падвёў палітычныя вынікі Беларускай вясны 2017 года: У артыкуле для сайта bnknews.org ён распавёў, пра тое, чым запомніліся пратэсты, якія пачаліся з Маршу абураных беларусаў у Менску і пракаціліся па ўсёй краіне:

— Першы, галоўны, вынік вясны – прыпыненне Дэкрэту №3. Лукашэнка фактычна сам арганізаваў пратэст, выдаўшы супрацьзаконны акт. І сам жа яго адмяніў. Але пад ціскам грамадства, якое узначаліла, як ён казаў раней, «нікому не патрэбная апазіцыя». Навошта было супраць яе выстаўляць войскі і спецтэхніку 25 сакавіка? Адказ просты: кіраўнік краіны баіцца супраціву простых людзей. Так званыя «дармаеды» – гэта ўжо не «пятая калона» і не «нацыяналісты-бнфаўцы». Дыктатар залез да іх у кішэню, але ў выніку моцна пакрыўдзіў. У выніку людзі патрабавалі яго адстаўкі, прычым, часта пад нацыянальнымі сімваламі.

Галодны страўнік беларуса прымусіў уключыць мозг. Грамадзяне пачалі разумець, што палітыка, эканоміка і тыя ж выбары, якія раз за разам фальсіфікуюцца – узаемазвязаныя рэчы. Не могуць добра функцыянаваць рукі і ногі, калі галава хворая. «Мы народ спакойны, але ў бітвах дзікі», як спяваюць Dzieciuki.

2017_0614_011

Так атрымалася, што ізаляцыя ўсіх лідараў дэмакратычнай суполкі Гарадзеншчыны толькі нашкодзіла ўладам. Напрыклад, 15 сакавіка людзі выйшлі, было больш за тысячу чалавек, а ўзначаліў пратэст Аляксандр Лаўрэнцьеў — просты чалавек, кухар з мегафотам і сцягам, які павёў гарадзенцаў да гарвыканкаму. Ўлады адступілі, бо адказаў на простыя пытанні ў іх няма. Няма адказаў нават у міліцыянтаў, якіх улады падманулі, адпраўляючы пад скарачэнне пасьля 17 – 18 год выслугі.

Цугцванг – вельмі добрая характарыстыка такіх дзеянняў. Што Лукашэнка не зробіць – усё да горшага. І вось ужо ў мяне, «сутачніка», ахоўнікі пытаюцца: «А што рабіць?», а сукамернікі літаральна праз першыя хвіліны размовы устаюць на наш бок. Бо «такога бязмежжа не павінна быць», бо «бачыш, а мы гэтага ня ведалі», бо турма не павінна ператварацца ў месца для катаваньня.

Другі вынік пратэстаў. Як сябра Рады БХД і Рады БНК, адзначаю, што апазіцыя падчас веснавых акцый здала экзамен на еднасць. Беларусь даўно ня бачыла, калі ўсе – ад левых да правых — выходзяць адной калонай. Адзінства нацыі на глебе беларускасці заўсёды баяліся як акупанты, так і антынародная ўлада. Дарэчы, у рэгіёнах з еднасцю дэмакратаў праблем ніколі не было. Бо тут усе разумеюць, што праблемы суседа – гэта нашыя агульныя.

2017_0614_012

Трэці вынік пратэстаў. З «авечкі» ўрэшце сарвалі шкуру. Ўвесь свет прыпомніў старую казку, пазнаўшы ў фальшывым баране воўка, які намагаўся выдаваць сябе за правадыра паслухмянага статку. Але аказалася што кіраўнік дзяржавы — зусім не міралюбівы баран, а грамадзяне – не статак.

Чацьвёрты вынік. Ініцыятыва пераходзіць у рэгіёны. Тут ідзе гаворка не толькі пра абласныя цэнтры. Вы толькі паглядзіце, што рабілася, напрыклад, у Воршы, Баранавічах, Рагачове…

Пяты вынік — нечаканы. Са мной пачынаюць вітацца ў гарадзенскіх крамах выпадковыя людзі, каторых я раней не ведаў. Я кожнаму з іх кажу, што пратэст — наша агульная справа, кожны можа браць ініцыятыву. Гэта нармальная сітуацыя ў сапраўднай грамадзянскай супольнасьці, якой нам так не стае, але якая непазбежна будзе, калі мы, канешне, не саступім.

Гародня цяпер – гэта горад абураных. Сярод працоўных расце незадаволенасць заробкамі, каторыя зніжаюцца у адрозьненне ад прыбыткаў кіраўніцтва прадпрыемстваў. Людзі зразумелі, што каб нешта атрымаць, трэба нешта рабіць. Адсядзецца не атрымаецца. Відавочна, што наперадзе вялікія змены. Але як мы пройдзем праз іх – праз гора, вайну, чарговае спусташэнне, ці больш цывілізаваным шляхам, залежыць ад усіх нас.