«Там, дзе мы збіраемся, імітацыі дзейнасці не будзе»

2017_0612_005

Лідары Беларускага нацыянальнага кангрэсу Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч наведалі Брэст 13 чэрвеня.

Тут экс-кандыдаты на выбарах прэзідэнта Беларусі — 2010 сустрэліся з прадстаўнікамі дэмакратычных арганізацый, апазіцыйных партый і грамадскасцю. «Брэсцкая газета» прапануе вашай увазе некаторыя моманты гутаркі.

Уладзімір Някляеў пра недавер беларусаў да саміх сябе

— Мы не верым, што можам існаваць у гэтым свеце як асобныя гаспадары ў сваім доме. Нам увесь час даўблі, што мы павінны быць з Расіяй, бо ў нас няма нафты, няма газу, таго, сяго. Слухайце, я 4 гады жыў у Фінлядыі. Там увогуле нічога няма! Там 2/3 зямлі — за палярным кругам. Тундра. І краіна, дарэчы, не ўваходзіць у ваенныя блокі. І крызіс у яе па распадзе Савецкага Саюза быў не меншы, чым тут, таму што яе эканоміка была завязана на сыравіну расійскую. Іх усяго 5 мільёнаў. Скалы, вада, лес — нічога больш нямашака. Быў абвал, было вялікае беспрацоўе. На сённяшні дзень дзе яны? На першых месцах у свеце. Па адукацыі, развіццю — на першым наогул у свеце месцы. І яны таксама мяжуюць з Расіяй. І жывуць прыпяваючы.

А у нас амаль 10 мільёнаў нармальнага народу, па маштабах — сярэднееўрапейская краіна, ёсць зямля, якая родзіць, ёсць лес. Ды ўсё ёсць для нармалёвага жыцця! А мы ўсё не можам без некага… Можам! Проста трэба для гэтага ўключыць механізмы, якія працуюць ва ўсім свеце.

Мікалай Статкевіч пра парламенцкую і прэзідэнцкую рэспублікі

— Гэта пытанне дыскусійнае. Я ведаю завостранасць усіх на парламенцкай рэспубліцы. Любы палітык, калі аказваецца з вялікай уладай, хутка абрастае халуямі, мяняецца. Але я хачу, каб усе прыхільнікі чыста парламенцкай рэспублікі паслухалі наступнае. Колькі трэба грошай, каб купіць сабе канстытуцыйную большасць любой знешняй краіны? Падумайце. Я адказваю прафесійна — 7 мільёнаў даляраў хопіць, каб мець патрэбны парламент. Узяць 70 кандыдатаў у дэпутаты, даць кожнаму па 100 тысяч даляраў на выбарчую кампанію. <…> 7 мільёнаў даляраў — і парламент будзе мець, магчыма, іншая дзяржава. А калі кожнаму з гэтых 70 даць па мільёну, дык яны могуць прагаласаваць тут за далучэнне шасцю абласцямі (да другой краіны — заўв. аўт.). Па Украіне паглядзіце: там багата выпадкаў, калі дэпутаты купляюцца. Усё ж такі прэзідэнт персанальна адказвае, ён хоча ў гісторыі застацца.

З другога боку, трэба думаць, як абараніць яго ад празмерных жаданняў і амбіцыяў.

На маю думку, парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка — гэта аптымальны варыянт. Я думаю, трэба паглядзець на досвед Польшчы. Там яны загаддзя ўтварылі магчымы канфлікт паміж прэм’ерам і прэзідэнтам. Асабліва калі яны з розных партый. Там уся эканамічная ўлада належыць парламенту і прэм’еру. Прэм’ер мае свой кулак — паліцыю. А войска, спецслужбы, міжнародная палітыка — у прэзідэнта. Паміж імі закладзены канфлікт, яны адзін за адным глядзяць, і дзякуючы гэтаму канфлікту ўтвараюцца гарантыі існавання дзяржавы.

Мікалай Статкевіч пра БНК

— Там, дзе мы збіраемся, імітацыі дзейнасці не будзе. Тым больш не патрэбна імітацыя дзейнасці мне: займаць пасаду апазіцыянера, мець офіс, сакратарку і ездіць «у Бруселевічы», як я кажу. Жыццё можна патраціць на больш цікавыя рэчы. Але гэтыя людзі проста баяцца быць побач з намі, таму што мы будзем дзейнічаць, мы будзем рызыкаваць і зноў можна апынуцца ў турме. Мы аб’явілі БНК на прынцыпах фармальнай роўнасці. Але ўсё роўна існуе нефармальнае лідарства. Гэта добра: сёння адзін нефармальны лідар, заўтра другі пастараўся і ён ужо на яго месцы.

P. S. 13 чэрвеня ў Брэсце была створана рэгіянальная кааліцыя БНК. Яе ўзначаліў актывіст Андрэй Шарэнда (Еўрапейская Беларусь). Намеснікамі кіраўніка сталі Наталля Папкова (Народная Грамада) і Аляксандр Храпко (БХД).