«Гэта прыкмета цывілізаванасці — калі мы працягваем руку тым, хто патрапіў у бяду»

2017_0621_001

Заўтра, 22 чэрвеня, на Кастрычніцкай плошчы Мінска пройдзе пікет салідарнасці за палітычнымі вязнямі. Пачатак — а 18 гадзіне.

Грамадская актывістка Алена Церашкова, якая неаднойчы ўдзельнічала ў вулічных акцыях, распавяла, чаму важна падтрымаць Зміцера Паліенку, Міхаіла Жамчужнага і ўдзельнікаў «Справы патрыётаў» у гэты дзень:

— Чалавек не можа разлічваць на тое стаўленне да сябе, якое не дэманструе сам да іншых. Палітычныя вязні, якія выйшлі на волю раней, заўсёды адзначалі, што менавіта салідарнасць з боку іншых людзей, пра якую яны чулі хай сабе не наўпрост, а ад сукамернікаў, родных ці адвакатаў, вельмі важная. Калі мы хочам мець падтрымку самі, калі раптам апынемся на іх месцы, мы павінны паказаць прыклад яе зараз. Гэта адна з прыкметаў цывілізаванасці — калі мы працягваем руку тым, хто патрапіў у бяду.

Па словах Алены Церашковай, важна, каб удзельнікі міжнародных сустрэчаў, якія пройдуць у Мінску 22 чэрвеня і 5-9 ліпеня, атрымалі аб’ектыўную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі:

Еўрапейскія чыноўнікі, якія прыедуць да нас у бліжэйшы час, прадстаўляюць дэмакратычныя свабодныя дзяржавы. Але ім проста пашанцавала нарадзіцца ў цывілізаваным свеце. Зрабілі ж гэтыя краіны такімі іх продкі. Зараз мы ідзем тым жа шляхам, які яны прайшлі раней. Тое, што мы робім зараз, дазволіць нашым нашчадкам жыць у свабоднай дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі. Важна каб тыя, хто прыедзе ў разумелі розніцу паміж цывілізаваным светам і дзяржавамі, якімі кіруюць дыктатары, дзе парушаюцца правы людзей і праліваецца кроў.

Спадзяюся, што удзельнікі сесіі ПА АБСЕ і сустрэчы, якая пройдзе 22 чэрвеня, калі ўжо вырашылі прыехаць у дыктатарскую краіну, убачаць не толькі тое, што ім захоча паказаць улада, але і рэальны стан рэчаў. І менавіта на аб’ектыўнай ацэнцы таго, што тут адбываецца варта будаваць сваю палітыку ў адносінах з Беларуссю.