Рада БНК патрабуе вызваліць палітычных вязняў

2017_0629_110

Улады павінны неадкладна спыніць пераслед удзельнікаў мірных акцый пратэсту.

Аб гэтым гаворыцца ў заяве Рады БНК, прынятай учора, 21 ліпеня. Прыводзім тэкст дакументу:

— 20 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна горада Мінска адбыліся судовыя працэсы над удзельнікамі акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, якая прайшла 22 чэрвеня. Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў і Вольга Нікалайчык арыштаваныя на тэрмін ад 10 да 15 сутак, Арцём Чарняк, Мікалай Логвінаў і Мікіта Краснакуцкі атрымалі буйныя штрафы. Некторые адміністрацыйныя працэсы прайшлі без удзелу абвінавачаных, а прысуды выносіліся на падставе хлуслівых паказанняў сведак-міліцыянтаў. Незаконныя рашэнні пра арышты і штрафы прымалі суддзі Вікторыя Шабуня і Іван Касцян, якія раней неаднаразова ўдзельнічалі ў расправах над актывістамі апазіцыі.

У бліжэйшы час можна чакаць новых адміністрацыйных працэсаў у дачыненні да ўдзельнікаў акцый, якія прайшлі 3 і 7 ліпеня пад лозунгам «За мірную Беларусь». Некаторых з іх ужо выклікаюць у аддзяленні міліцыі для складання пратаколаў.

Рада БНК патрабуе ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных і спыніць пераслед удзельнікаў мірных акцый пратэсту. Таксама мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці з заклікам аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб дамагчыся абароны правоў чалавека і паважлівага стаўлення да грамадзянаў краіны.