Лідэр БНК у Лідзе: Лозунг «Жыве Беларусь» проста лунаў ў паветры

2017_0909_004

Большая частка беларусаў будзе гатовая далучыцца да ўжо дзеючага супраціву.

Лідэр Беларускага Нацыянальнага Кангрэса ў Лідзе Валер Мінец падзяліўся ўражаннямі ад фестывалю, што прайшоў у горадзе 9 верасня і ў якім прынялі ўдзел больш за сто тысячаў чалавек. На канцэрце, якім скончыўся фестываль, выступілі гурты «Петля пристрастия», «Крамбамбуля», «Люмен» і «Океан Эльзи». Многія гледачы сустракалі іх бел-чырвона-белымі сцягамі, а на вуліцах Ліды гучалі патрыятычныя песні і лозунгі.

— Вялізарная колькасць гасцей фэсту была апранута у адзенне з нацыянальнай сімволікай, многія былі ў вышыванках. Бел-чырвона-белых стужак — проста безліч. Гэта ўсе яскрава падкрэсльвае запатрабаванасць у сённяшняга грамадства на аб’яднанне на агульнанацыянальнай глебе, праз асэнсаванне нацыянальных каштоўнасццяў. Жартам хтосьці учорашняе мерапрыемства назваў «нацыяналістычным шабашам», — распавёў Валер Мінец.

Палітык адзначыў абсалютную адсутнасць на фестывалі прарасійскай і мілітарысцкай сімволікі.

— Самым станоўчым чынам стваралі добразычлівую атмасферу маладыя артысты, якія на розных пляцоўках выконвалі «Грай», «Воінаў святла», шмат іншых патрыятычных песень. Гледачы пелі разам, што паказвае абсалютную папулярнасць «баявых» хітоў, — кажа Валер Мінец. — Лозунг «Жыве Беларусь» проста лунаў ў атмасферы, ім віталіся незнаёмыя людзі, ён чуўся нават у тостах аматараў піва. Сённешняе грамадства крочыць у бок нацыянальнага адраджэння — гэта відавочна.

Ці гатовыя гэтыя людзі выйсці такой самай колькасццю на вуліцы, ўліцца у пратэстны рух? Большая частка далучыцца да ўжо дзеючага супраціву, які пачне нехта, але не яны, стаць за спіны тых першых шэрагаў абаронцаў Радзімы, каторыя адважацца ісьці наперадзе. Пратэстны настрой ўзмацняецца штодня і набліжае час агульнанацыянальнага супраціву рэжыму унутранай акупацыі.