Арышты і штрафы не спыняць патрыётаў Беларусі

2017_0824_401

Дэманстратыўныя рэпрэсіі, арышты і штрафы паказваюць: сітуацыя ў Беларусі не мяняецца.

Аб гэтым гаворыцца ў заяве Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, прынятай 22 верасня. Прыводзім яе тэкст цалкам:

— Рэжым Лукашэнкі працягвае ўтрымліваць у турмах палітвязняў і праводзіць рэпрэсіі супраць іншадумцаў. Тымчасам еўрапейская супольнасць, якая зняла санкцыі супраць рэжыму ў выніку вызвалення шасці палітычных зняволеных у жніўні 2015 года, вядзе з рэжымам «шырокі дыялог» і спадзяецца на правядзенне свабодных і справядлівых мясцовых выбараў. Многія еўрапейскія палітыкі праводзяць афіцыйныя сустрэчы ў Адміністрацыі Лукашэнкі, МЗС, Палаце прадстаўнікоў, і гэта выглядае як падтрымка рэжыму.

Між тым, рэжым ва ўмовах эканамічнага крызісу пачаў новую хвалю рэпрэсіяў супраць незалежнага грамадства і дэмакратычных актывістаў. У Беларусі зноў сядзяць у турмах палітычныя зняволеныя. Актывістаў штрафуюць за ўдзел у мірных акцыях і канфіскоўваюць маёмасць у выніку нявыплаты штрафаў. Ніякіх свабодных выбараў няма і блізка — рыхтуюцца чарговыя фальсіфікацыі.

Да 7 гадоў турмы па сфабрыкаванай справе прысуджаны вядомы краязнаўца Алесь Юркойць.

Супраць праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, які знаходзіцца ў Віцебскай турме, ўжываецца фізічная сіла. Працягваецца ціск на зняволенага Аляксея Жаўнова (Мілюкова). Працягваецца крымінальны перасьлед анархістаў і антыфашыстаў, затрыманых за графіці і роварныя пратэсты – Іллі Валовіка, Змітра Цехановіча, Вадзіма Бойкі, Філіпа Іванова, Змітра Паліенкі ды іншых.

Рэжым праводзіць ператрусы і допыты у бацькоў, чые сыны паехалі абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі. Пяць гадоў турмы у выніку правакацыі спецслужбаў атрымаў добраахвотнік Тарас Аватараў: зараз ён зазнае ў турме моцны ціск адміністрацыі.

Не спыненая крымінальная справа ў дачыненні да дзясяткаў беларускіх патрыётаў, пачатая ўвесну гэтага года, падчас масавых пратэстаў.

Сотні людзей караюць буйным штрафам за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Улады канфіскавалі лецішча і зямельны ўчастак за нявыплату штрафаў у актывісткі Ніны Багінскай, апісалі дом у рэжысёра Вольгі Мікалайчык. Улады аказваюць ціск на ўжо вызваленых палітвязняў — Мікалая Аўтуховіча, Алесю Садоўскую, Змітра Дашкевіча і іншых.

Марыянеткавы рэжым жорстка рэпрэсуе патрыётаў, якія выступаюць за бяспеку і незалежнасць Беларусі. 15 сутак арышту атрымаў за акцыю 3 ліпеня Мікола Статкевіч. 22 верасьня ён кінуты за краты па гэтай справе. Ягоны паплечнік Уладзімір Някляеў асуджаны на 7 сутак за акцыю 8 верасня. Многія актывісты былі таксама арыштаваныя з выплатай вялізарных грашовых штрафаў за ўдзел у дэманстрацыях і пікетах. Наперадзе суды над іншымі ўдзельнікамі вераснёўскага шэсця. Але мы упэўненыя, што сапраўдныя патрыёты гатовыя аддаць жыццё за свабодную Беларусь.

Па сфабрыкаванай справе пад следствам сябра Рады БНК Генадзь Фядыніч, у зняволенні – кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі прафсаюза РЭП Ігар Комлік.

Год «хіміі» атрымаў лідскі актывіст Міхаіл Мікішын, за спробу напісаць на помніку Леніну «сатана».

Ідзе пераслед актывістаў беларускага анархісцкага руху.

Дэманстратыўныя рэпрэсіі, арышты, штрафы і гвалт паказваюць: рэжым не мяняецца.

Мы, сябры Рады БНК:

— патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў Беларусі,
— патрабуем рэабілітацыі і аднаўлення ў правах усіх вызваленых палітвязняў,
— патрабуем спынення палітычнага пераследу, гвалту і штрафаў за мірныя акцыі пратэсту,
— заклікаем еўрапейскую супольнасць падтрымаць дэмакратыю, законнасць і незалежнасць у Беларусі,
— вызначаем «выбары», якія праводзяцца ў такіх умовах, загадзя нелегітымнымі,
— заклікаем беларускае грамадства да салідарнасці з палітвязнямі і ахвярамі рэпрэсій.