Вячаслаў Сіўчык: Не хачу жыць у прыгоне

сивчик

Палітык у наступным годзе працягне рабіць тую справу, што робіць і зараз, бо гэта справа прынцыпу.

Апазіцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык, які не так даўно за тры дні два разы быў аштрафаваны за ўдзел у акцыях пратэсту, распавядае сайту palitviazni.info пра тое, чаму ён лічыць неабходным удзельнічаць у акцыях, пра жыццё за кратамі і бліжэйшыя перспектывы.

“Мы марылі пра нейкія рэальныя змены ў вобласці правоў чалавека ў гэтым годзе, але што атрымалі насамрэч? Палітызаваную крымінальную “справу патрыётаў”, якая, на шчасце, закрыта, такую ж “справу прафсаюзаў” ды тысячу затрыманых чалавек падчас святкавання Дня Волі. Рэпрэсіі працягваюцца”, – кажа палітык.

17 лістапада Цэнтральны раённы суд Мінску аштрафаваў Вячаслава Сіўчыка на 40 базавых велічынь (920 рублёў) за ўдзел у “Маршы абураных беларусаў 2.0”, які прайшоў у Мінску 21 кастрычніка, а 20 лістапада Партызанскі раённы суд Мінску таксама “выпісаў” Вячаславу штраф на такую ж суму за акцыю памяці ахвяраў рэпрэсаваных 29 кастрычніка.

– Заканчваецца год, і ўжо можна падвесці некаторыя вынікі, што маем за гэты перыяд, – кажа Вячаслаў Сіўчык. – Я б гэты год ахарактаразаваў, як час, калі адбываліся вельмі сур’ёзныя рэпрэсіі. Пры гэтым рэпрэсіі абсалютна неадэкватныя. Хацеў бы нагадаць, што ў 2017-м годзе і блізка не было тых з’яў, якія мы маглі сёлета пабачыць.

– Што вы маеце на ўвазе?

– Мы марылі пра нейкія рэальныя змены ў вобласці правоў чалавека, але што атрымалі насамрэч? Палітызаваную крымінальную “справу патрыётаў”, якая, на шчасце, закрыта. Але ж даўно ўжо не было ў Беларусі, каб за краты кідалі некалькі дзесяткаў чалавек. Такія масавыя арышты можна прыгадаць хіба што ў 2010 годзе, пасля мірных выступаў гарамадзян падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Таксама трэба адзначыць, што 25 сакавіка напярэдадані і падчас святкавання Дня волі было затрымана каля тысячы чалавек. Ды і цяпер, нягледзчы на тое, што беларускія ўлады сталі раз-пораз наведвацца ў Еўропу, рэпрэсіі ўсё роўна працягваюцца.

Таму ўнікальнасцю гэтага году з’яўляецца не тое, што рэжым праводзіць рэпрэсіі. Гэта і раней было. Адметнасць у тым, што рэпрэсіі праходзяць падчас дыялогу з Захадам. Еўропа дэманстратыўна зневажае правы чалавека ў Беларусі.

– Вы лічыце, што акцыі пратэсту – эфектыўны сродак у дасягненні нейкага выніку апазіцыяй?

– Сэнс у такіх акцыях ёсць. Сёняшняя ўлада загнала ўсё насельніцтва ў прыгон, і камусьці, можа быць, зручна ў такім статусе знаходзіцца. Але ж мы жывем ў XXI стагоддзі. І асабіста я вымушаны ўдзельнічаць у вулічных акцыях, бо галоўная задача – усё-такі вяртанне правоў і свабодаў грамадзянаў Беларусі. Натуральна, дбаем мы і пра абарону незалежнасці краіны.

Гэта ўсё нам само па сабе не зваліцца на галаву. Таму вулічныя акцыі варта праводзіць хаця б для таго, каб беларусы гэта перыядычна бачылі альбо чулі праз СМІ. Калі гэтага не будзе, то прыгон будзе вечны. Сёняшнія бацькі перададуць яго ў спадчыну і сваім дзецям. І я не магу зразумець тых, хто кажа, што вулічныя акцыі зусім не патрэбны. Ва ўсім свеце, калі ў грамадстве ёсць нейкія праблемы, то яны публічна агучваюцца. Дык няўжо беларусы на гэта не маюць права?

– За акцыі вас штрафуюць, адпраўляюць на “суткі”. Гэта такая плата за актыўнасць?

– Так, але штрафы я нават не падлічваю. Паказальны прыклад – не так даўно за тры дні мне далі штрафаў амаль на 1000 долараў. З “суткамі” таксама не ўсё так проста. Зараз ва ўладаў з’явілася новая мода. Калі раней арыштоўвалі і адразу адпраўлялі ў ізалятар, то зараз агучваецца судовае рашэнне, але за краты адпраўляюць не адразу, а тады, калі цябе патрэбна ізаляваць. Дарэчы, і зараз нада мной “вісіць” прысуд Партызанскага суда – 5 сутак адміністрацыйнага арышта.

На жаль, акрамя колькасці сутак і колькасці грошай на штрафы існуе яшчэ адна важная праблема, якая абсалютна не вырашаецца ў Беларусі. Умовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, як мне падаецца, пагоршыліся. Там парушаюцца элементарныя правы, якія ўсё-такі ўдавалася адстоўваць у ранейшыя часы. Цяпер значна больш жорсткае абыходжанне і, скажам так, падкрэслена грэблівае.

– Змагацца з сістэмай немагчыма?

– Вельмі складана. Я пасля апошняга зняволення, калі адсядзеў 15 сутак, нават падаваў скаргі ў гарадскую пракуратуру і Камітэт па санітарыі і эпідыміялогіі. Акрамя адпісак практычна нічога і не атрымаў. Самае кепскае, што пасля пэўнай бюракратычнай перапіскі, канчатковы адказ даў кіраўнік Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. Ён напісаў коратка і сціпла, што ў іх установе ніякіх парушэнняў заканадаўства няма. Усё прадказальна.

Але гэтую праблему беларусам усё роўна трэба вырашаць. Тут пытанне не столькі ў апазіцыйных актывістах, бо такую сістэму ўлада стварыла ва ўсіх адміністрацыйных турмах. Нельга, каб людзі масава праз гэта праходзілі.

А ў наступным годзе я працягну рабіць тую справу, што рабіў і зараз. Тут справа прынцыпу.