Вячаслаў Сіўчык: Галоўнае ў 2018 годзе — захаванне незалежнасці

flag

Апазіцыі трэба працягваць вулічныя акцыі пад лозунгам «Уладу – народу!».

Праг эта прэс-службе БНК заявіў адзін з лідэраў Беларускага Нацыяналь-нага Кангрэсу, кіраўнік Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

— Якія, на ваш погляд, самыя значныя падзеі ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі адбыліся ў мінулым годзе?

— Пасля анэксіі Крыма і экспансіі на Данбасе з боку агрэсіўнай пуцінскай Расеі рэзка ўзмацнілася рэальная пагроза для Беларусі з усходу. Гэта і пагроза анексіі, і пагроза вайны. Таму вельмі каштоўным з’яўляецца тое, што ў 2017 годзе беларусы здольныя былі да дзеянняў у абарону незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, у абарону сваіх грамадзянскіх правоў і свабодаў.

Я кажу пра вулічныя акцыі кампаніі БНК «Ўладу — народу», «Марш абураных беларусаў», Дзень беларускай вайсковай славы і інш. Апагеем быў Дзень Волі, калі беларусы масава прадэманстравалі здольнасць да супраціву ў змаганні за волю. Гэткую ж мужнасць дэманстравалі і беларускія палітвязні, і грамадства, якое змагалася за іх вызваленне.

— Ці прынесла гэта вынікі?

— Так. Прыпыненне на паўгады дзеяння дэкрэту №3 пасля масавых вулічных пратэстаў, вызваленне палітвязняў і спыненне справаў супраць беларускіх патрыётаў пасля кампаніі салідарнасці ў Беларусі і ў свеце, вывад расейскіх войскаў, якія бралі ўдзел у манеўрах «Захад-2017» пасля іх заканчэння, дзякуючы інфармацыйнай кампаніі як у Беларусі, так і за мяжой.

— Якой павінна быць стратэгія дзеянняў БНК у наступным годзе?

— Галоўным мусіць заставацца абарона незалежнасці Беларусі і вяртанне правоў і свабодаў яе грамадзянам. Трэба працягваць рыхтаваць праграму, альтэрнатыўную палітыцы сённяшней ўлады. Лукашэнка калісьці сказаў, што беларусы «жыць будуць кепска, але нядоўга». Рэдкі выпадак, калі сказаў праўду. Статыстыка гэты нефармальны лозунг улады падцверджвае. Таму альтэрнатыва – вяртанне Беларусі ў Еўропу. Каб праз еўрапейскія стандарты забяспечыць не толькі правы і свабоды грамадзянам, але і іх заможнасць, сацыяльную абароненасць, іншымі словамі, значна павысіць якасць жыцця. «Беларусы, будзьце заможнымі!» – гэты лозунг, які прапагандаваў амаль 100 гадоў таму Зміцер Прышчэпаў, зноўку трэба зрабіць актуальным.

У ХХІ стагоддзі шмат глабальных выклікаў, але на ўсе пытанні існуюць адказы. Да Лукашэнкі беларусы смяяліся над палякамі, бо жылі тады больш заможна, чым заходнія суседзі. За апошнія 25 гадоў Польшча стала зусім іншай, грамадзяне Беларусі цяпер масава едуць туды працаваць. Усе краіны Усходняй Еўропы перабудавалі сваю эканоміку, правялі рэформы. У беларусаў ёсць магчымасць пры правядзенні рэформаў улічыць досвед суседзяў і не паўтараць некаторыя іх крокі, якія, як высветлілася, былі памылковымі. Але сённяшняя ўлада на рэформы не пойдзе. У іх усё добра. Яны – самі па сабе, народ – сам па сабе. Гэта трэба мяняць. Карфаген мусіць быць зруйнаваны.

Таму такія важныя вулічныя акцыі. Найбольш актуальным палітычным лозунгам у 2018 годзе будзе: «Уладу – народу!» Нам нельга адступаць. У любой краіне пераход ад аўтарытарнага рэжыму да дэмакратыі патрабуе ў якасці неабходнага элемента вулічныя акцыі. Таму БНК неабходна захаваць «вуліцу» для апазіцыі.

— Чаго б вы пажадалі беларусам у 2018 годзе?

— Віншую ўсіх з надыходзячым Раством Хрыстовым і Новым Годам. Каб шчасціла, каб спраўджваліся мары, каб было Божае дабраслаўленне, — і на асабістым узроўні, і ў кожнай беларускай сям’і, і ва ўсёй нацыі. А пажаданне будзе простае. 2018 год – год вялікага юбілею, — стагоддзе БНР. Будзьма разам! Будзьма беларусамі! Насуперак складаным геапалітычным схемам і жорсткім рэпрэсіям сенняшніх уладаў — верым у шчаслівую будучыню для нашай краіны.