Вячаслаў Сіўчык: Дзень Волі стане дэманстрацыяй сілы беларускіх патрыётаў

воля

Па акцыі, якая пройдзе 25 сакавіка ў Мінску, будзе бачна, ці гатовы беларусы бараніць сваю краіну.

Пра гэта прэс-службе БНК заявіў лідэр Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

«Упэўнены, што людзей на Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка будзе шмат, таму што гэты юбілей значны для вялікай колькасці беларусаў. Аб’яднаннне апазіцыі ўпершыню за доўгія гады — гэта вельмі важны фактар, які паспрыяе масаваму шэсцю ў гэты дзень.

Я бы не хацеў зараз займацца нейкай гульнёй у прагнозы наконт дазволу ці не дазволу акцыі, бо, як паказвае практыка, рашэнні ўладаў могуць быць розныя. Напрыклад, былі гады, калі рашэнняў уладаў наконт вулічных акцый увогуле не было. Але мне вельмі хацелася б, каб у юбілейны год, улічваючы, што 100-годдзе БНР — вялікая дата для ўсяго беларускага народу, улады не дазволілі сабе рабіць дзікунствы ў Дзень Волі, як часам гэта было раней. Гэта больш важна, чым іх дазволы ці недазволы. Ёсць аптымізм, што ўсё-такі рэжым ў гэтым годзе не будзе ўжываць сілу супраць людзей, якія будуць святкаваць Дзень Волі. Для гэтага ўсе падставы ёсць, а наконт рашэння — гэта залежыць толькі ад аднаго чалавека. Я, на жаль, не лекар і адказаць на гэтае пытанне дакладна не змагу», — заявіў Вячаслаў Сіўчык.

Палітык таксама распавёў, як простыя беларусы, якія не належаць да нейкіх партый і рухаў, могуць дапамагчы ў арганізацыі свята, каб яно стала больш масавым.

«25 сакавіка – гэта самае вялікае свята ў беларускага народа, гадавіна адраджэння нашай дзяржаўнасці. Гэтую дату варта было б святкаваць увесь 2018 год і таксама на дзяржаўным узроўні. Таму хацеў бы заклікаць беларусаў наколькі магчыма святкаваць Дзень Волі на працягу ўсяго года, абавязкова ўзяць удзел у дэманстрацыі, якая пройдзе 25 сакавіка ў Менску, прыйсці на Плошчу Якуба Коласа. Гэта акцыя — найбольш важная, яна павінна стаць дэманстрацыяй сілы і адзінства патрыётаў Беларусі, павінна паказаць, ці гатовы мы бараніць сваю краіну. Менавіта па гэтай акцыі будуць глядзець, якія сілы ёсць у Беларусі, будуць прымаць рашэнні па нашай краіне», — адзначыў ён.