Уладзімер Кійко: Дзень Волі павінен статць годным адказам праціўнікам незалежнасці

2018_0301_001

Пагроза страты суверэнітэту стала, як ніколі, актуальнай для нас пасля ўкраінскіх падзей.

— 25 сакавіка патрыёты павінны прадэманстраваць сваю рашучасць і гатоўнасць бараніць незалежнасць краіны. Аб гэтым заявіў віцебскі каардынатар Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Ўладзімер Кійко:

— Юбілей абвяшчэння БНР — важная для краіны дата. І неабходна годна яе адсвяткаваць. Менавіта ў гэты дзень, сто гадоў таму, была зроблена спроба стварыць незалежную дзяржаву беларусаў. І толькі праз шмат гадоў у нас з’явілася магчыма вырвацца з лап ўсходняй імперыі. Але некаторыя палітыкі ў Расеі дагэтуль ставяць пад сумнеў мэтазгоднасць існавання нашай краіны як незалежнай дзяржавы. Сёння пагроза страты суверэнітэту стала, як ніколі, актуальнай для нас, асабліка пасля ўкраінскіх падзей. Масавае святкаванне Дня Волі можа стаць годным адказам ўсім праціўнікам нашай незалежнасці. Таму лічу, што кожны, хто хоча бачыць краіну па-сапраўднаму свабоднай і дэмакратычнай, павінен выйсці на акцыі ў Менску або ў іншых гарадах.

Немагчыма пераацаніць значнасць гэтага свята. Гэта падзея агульнанацыянальнага маштабу. І адзначацца яна павінна толькі ў цэнтры сталіцы і на цэнтральных праспектах і плошчах іншых буйных гарадоў.

— Як Дзень Волі будзе адзначацца ў Віцебску?

— У нашым горадзе 25 сакавіка звычайна праходзіць святочнае шэсце па пешаходнай вуліцы Суворава ад помніка князю Альгерта да помніка Караткевіча з ускладаннем кветак і невялікім мітынгам, на якім выступаюць мясцовыя актывісты і жыхары. Будзе тое ж самае і на гэты раз. Я ўжо падаў заяўку ў мясцовы выканаўчы камітэт аб правядзенні масавага мерапрыемства.

— Што вы чакаеце ад акцыі 25 сакавіка?

— Я спадзяюся, што Дзень Волі атрымаецца па-сапраўднаму святочным, што на вуліцы выйдзе вельмі шмат людзей з добрым настроем. І што стогадовы юбілей стане не проста прыгожай лічбай, але і дазволіць шматлікім грамадзянам па новаму паглядзець на гісторыю сваёй краіны і дасць магчымасць усвядоміць, што толькі дэмакратычная Беларусь можа быць па-сапраўднаму незалежнай.