«За вашу і нашу свабоду!»

2018_0311_007

11 сакавіка Літва святкуе Дзень аднаўлення незалежнасці.

У гэты дзень у 1990 годзе Найвышэйшая Рада Літоўскай Рэспублікі прыняла Акт пра аднаўленне незалежнасці. Дакумент грунтаваўся на падпісаным 16 лютага 1918 года Акце аб незалежнасці, які ніколі не прыпыняў праўнай моцы.

Беларускі Нацыянальны Кангрэс звярнуўся да братняга народа з нагоды гэтага свята:

— Дарагія сябры!

Стагоддзямі мы былі разам. Мы разам баранілі нашу агульную дзяржаву ад ворагаў з усходу і захаду, поўдня і поўначы. Палі пад Грунвальдам і Воршай, Сіняй Вадой і Кіркхольмам паліты крывёй вашых і нашых продкаў.

100 гадоў таму нашыя народы зрабілі спробы вярнуць сабе незалежнасць. У вас атрымалася і вы 20 год былі вольнымі. Вы захавалі ў сваіх сэрцах памяць пра гэты час свабоды. І 27 гадоў таму гэта памяць зноў падняла вас на барацьбу за незалежнасць.

Наш лёс быў цяжэйшы. 100 гадоў таму мы пацярпелі паразу. Гэта прынесла нашаму народу незлічоныя страты і пакуты. Таму ваша барацьба, ваша перамога былі і застаюцца прыкладам для нас.

Наш шлях да свабоды яшчэ не пройдзены. Ён цяжкі і пакручасты. Мы прыносім на ім свае ахвяры, але свабоды без іх не бывае. Сілы ў нашай барацьбе вельмі няроўныя. Бо за марыянеткавай антынацыянальнай дыктатурай стаіць Масква з яе вялізарнымі рэсурсамі. Але мы мусім працягваць сваю барацьбу, бо іншага не дадзена.

25 сакавіка, у 100-ю гадавіну нашай спробы атрымаць незалежнасць, мы выйдзем на галоўны праспект Мінска на «Марш годнасці і волі». Выйдзем, нягледзячы на перашкоды рэжыма і яго халуёў. Выйдзем, каб выявіць сваю волю да сапраўднай незалежнасці, да свабоды.

Нам патрэбна салідарнасць. Але еўрапейскія чыноўнікі і некаторыя палітыкі ў вашай краіне хочуць сябраваць з нашым дыктатарам. Яны называюць гэта рэальнай палітыкай. Мы лічым гэта здрадай.

Сябры! Мы з вамі разумеем, што наша змаганне за свабоду і незалежнасць — гэта яшчэ і змаганне за вашу бяспеку і вашу свабоду. Таму мы заклікаем вас да салідарнасці і падтрымкі нашай барацьбы.

За нашу і вашу свабоду!