Рада БНК: Свабоду Святаславу Барановічу!

2018_0311_baranovicz

Рада БНК патрабуе неадкладнага вызвалення Святаслава Барановіча і заклікае да кампаніі салідарнасці з ім.

Аб гэтым гаворыцца ў заяве, прынятай 10 сакавіка. Прыводзім яе тэкст:

— Ужо амаль месяц палітычнаму судоваму працэсу над Святаславам Барановічам. Барановіч удзельнічаў у санкцыянаванай уладамі акцыі апазіцыі, якая адбылася 15 сакавіка 2017 года. Па заканчэнні акцыі ўлады правялі незаконныя брутальныя затрыманні яе ўдзельнікаў, асабліва маладзёвых актывістаў. На вачах журналістаў і праваабаронцаў на прыпынку грамадскага транспарту ў Мінску пачаўся “хапун” і невядомыя людзі ў цывільным пачалі нападаць на пасажыраў тралейбуса. Людзей збівалі, пасля затрымалі і асудзілі да адміністрацыйных арыштаў. Сам жа напад “ціхароў” выклікаў справядлівае абурэнне людзей, якія спрабавалі дапамагчы моладзі.

Цяпер за гэта судзяць Святаслава Барановіча, якому пагражае 4 гады турмы. Так пракурор ацаніў дзеянні Святаслава за спробу абароны людзей. 12 сакавіка а 14.15 у судзе Маскоўскага р-на г.Мінска працяг гэтай палітычнай справы.

Рада БНК патрабуе неадкладнага вызвалення Святаслава Барановіча і заклікае да кампаніі салідарнасці з ім.

Свабоду Святаславу Барановічу!