Някляеў на мітынгу ў Вільнюсе: Веру ў нашу супольную еўрапейскую будучыню

Владимир Некляев: Режим постепенно сдает позиции

Літва адзначыла гадавіну аднаўлення незалежнасці.

На мітынгу, які прайшоў 11 сакавіка ў Вільнюсе, выступіў адзін з лідэраў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Уладзімір Някляеў. Прыводзім тэкст яго прамовы:

— Азіраючыся ў тую прастору, што называлася СССР, у той час, у якім знайшоў сяброў, напісаў першыя вершы і спаткаў першае каханне, я міжволі настальгую па радзіме майго юнацтва. Але калі я згадваю ГУЛАГ, успамінаю пра мільёны ні ў чым не вінаватых людзей, якія ў той прасторы, у тым часе, што называўся СССР, былі знішчаныя савецкай рэпрэсіўный машынай, калі я думаю пра тое, колькі не напісалася геніяльных вершаў, колькі не сталася каханняў, колькі не спраўдзілася чалавечых надзей, настальгія адразу прамінае. Усё становіцца на свае месцы.

СССР — мінулае. Яго трэба помніць, але нельга ў ім жыць. На жаль, мы, беларусы, у ім, у савецкім мінулым, жывём. Амаль чвэрць стагоддзя жывём у тым, чаго няма. Гэта праблема не палітыкі ці эканомікі, гэта праблема светапогляду, і яна — галоўная наша праблема.

У адрозненне ад нас, Літва, якая 11 сакавіка 1990 года аднавіла сваю незалежнасць, сёння жыве будучым, — з чым я й віншую літоўцаў! Віншую і веру, што як маем мы з вамі супольнае мінулае, гэтак займеем і супольную будучыню, у якой разам з незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай Літвой будзе незалежная, дэмакратычная, еўрапейская Беларусь!

Літва! Ад слёз у горле горка
Як назву вымаўлю тваю.
Літва! Па ўсёй зямлі стаю
Я на святых тваіх пагорках.

Дзеля чаго ўва мне ты будзіш
Надзею голасам крыві?
Літва! Ты ўжо была? Ты будзеш?
Калі жывая, дык жыві!

І калі ты не ў праху вояў,
Не ў мройным часе залатым,
А ў духу тым, што прагне Волі, —
Тады ты ёсць, калі ты ў тым!

Віншую вас са святам аднаўлення незалежнасці літоўскай дзяржавы!