Рада БНК заклікае ўлады дазволіць шэсце ў Дзень Волі

2017_0303_001

Марш годнасці і волі павінен пачацца а 12:00 на плошчы Якуба Коласа.

Аб гэтым гаворыцца ў заяве Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса. Прыводзім яе тэкст:

— Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса вітае рашэнне ўлады дазволіць 25 сакавіка ў шэрагу гарадоў краіны святочныя мерапрыемствы з нагоды 100-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі і ўсталяваць памятныя знакі ў гонар яе дзеячоў.

Разам з тым Рада лічыць недастатковым для годнага масавага святкавання ў сталіцы краіны юбілею гэтай важнай гістарычнай падзеі абмежавацца толькі святочным канцэртам у парку каля Опернага тэатра. Канцэрт пад шматлікай аховай міліцыі, за загародкамі, з асабістым аглядам і цэнзурай пры ім сімволікі і лозунгаў, абмежаванні на тэматыку выступаў — усё гэта будзе ствараць у нашага народа і ў іншых краінах уражанне свята свабоды ў канцлагеры.

Акрамя таго, патрыятычныя сілы, па закліку якіх 25 сакавіка мінулага года беларусы масава выйшлі бараніць свае сацыяльныя і палітычныя правы, не маюць права не згадаць пра гадавіну жорсткага разгона народнага выступу.

Рада БНК настойвае на святочным, вольным ад цэнзуры шэсці па цэнтральнаму праспекту сталіцы. Рада прапануе ўладам задаволіць паўторную заяўку на святочнае шэсце па праспекту Незалежнасці ад плошчы Якуба Коласа да месца святочнага канцэрта.

Рада БНК заклікае грамадзян Беларусі ўзяць удзел 25 сакавіка ў «Маршы годнасці і волі», які пачнецца ў 12.00 на плошчы Якуба Коласа ў Мінску, у другіх святочных мерапрыемствах у сталіцы і іншых гарадах краіны.

Уладу — народу!

Жыве Беларусь!