«Народ, барані сябе сам»: марш БЗВ у Дзень Волі ў 1993 годзе (Відэа)

2018_0305_009

Як у Мінску адзначылі 75 гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР.

Марш 21 сакавіка 1993 года ўдзельнікі той падзеі ўзгадваюць як незабыўнае відовішча. З плошчы Незалежнасці на праспект Скарыны сябры «Беларускага згуртавання вайскоўцаў» — арганізацыі, якую ўзначальваў Мікалай Статкевіч, — рушылі пад барабанны дроб і пад дзесяццю харугвамі з выявамі гістарычных постацяў, узгадвае выданне «Салідарнасць»

Яны ўвасаблялі сабой дзевяць сталічных раённых арганізацый БЗВ, а таксама суполку Мінскага раёна. Так, пад харугвай «Вітаўт» ішлі прадстаўнікі Фрунзенскага раёна. Агулам на марш выйшла да 1000 сяброў згуртавання.

Большасць сярод іх складалі афіцэры запасу і ў адстаўцы, але былі і дзеючыя. Да прыкладу, на чале калоны ішоў старшыня БЗВ падпалкоўнік Мікалай Статкевіч. Удзельнікі маршу ішлі ў цывільнай вопратцы (хоць і з шэўронамі БЗВ на рукавах), бо згуртаванне вайскоўцаў з’яўлялася грамадскай арганізацыяй.

Наперадзе калоны Алесь Станкевіч, напярэдадні абраны старшынёй Мінскай гарадской суполкі, нёс вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

Удзельнікі маршу рухаліся па цэнтральнай частцы праспекта Скарыны. Калі галава калоны, да якой далучыліся шмат пабачыўшых маніфестацыю, дасягнула Кастрычніцкай плошчы, яе хвост з плошчы Незалежнасці яшчэ не выйшаў, узгадвае Алесь Станкевіч.

– Мы хацелі паказаць, што ёсць людзі, якія стараюцца за Беларусь, – узгадвае ён. – Падчас і пасля маршу ніякіх праблем і перашкодаў у нас не было. Наадварот, хто бачыў, казаў: малайцы, не пабаяліся выйсці! Я ганаруся, што ўдзельнічаў у тым маршы.

– Мы ішлі без скандаванняў і выкрыкаў, як гэта бывае на палітычных мітынгах і шэсцях. Але гэта было відовішча. Марш вайскоўцаў пад барабанны дроп – гэта не жарты, – расказвае дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання, афіцэр запасу Леанід Дзейка.

Пагаджаецца з ім і былы падпалкоўнік КДБ, які на той момант яшчэ працаваў у дзяржбяспецы, Валер Костка.

– Калі ты сярод аднадумцаў, калі вакол шмат народу, гэта заўсёды прыводзіць у стан узнёсласці. У нас было пачуццё годнасці і гонару за тое, што рабілі. Мы прадэманстравалі, што нас шмат і што сярод нас людзі, якія ведаюць, што такое дысцыпліна і парадак.

Марш скончыўся у скверы Янкі Купалы, дзе каля помніка паэту адбыўся мітынг, прысвячаны Дню Волі. Сярод яго ўдзельнікаў былі пісьменнік Васіль Быкаў і кіраўнік БНФ Зянон Пазьняк.