Павал Севярынец: Калі для часткі апазыцыі Шуневіч больш адэкватны, чым Статкевіч, то тады мы «прыплылі»

север

Якія ўрокі вынікаюць з сёлетняга Дня волі?

Cустаршыня аргкамітэту па стварэньні Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец падзяліўся з «Радыё Свабода» сваімі ўражаннямі пра святкаванне стагоддзя абвяшчэння незалежнасці БНР.

— Лукашэнка пэўны час устрымліваўся і стрымліваў сілавыя структуры ад жорсткіх, дэманстратыўных падаўленьняў акцыяў пратэсту, — адзачыў палітык. — Гэта было некалькі гадоў. Але па меры таго, як гэтыя адносіны разьвіваліся, па меры таго, як Захад ішоў на знакавыя візыты, пачаліся выплаты Захаду Беларусі па ліні розных міністэрстваў, па лініі супрацоўніцтва з рознымі мясцовымі структурамі.

І вось тут, мне здаецца, Лукашэнка вырашыў намацаць новую «чырвоную лінію», бліжэйшую да ягонага разуменьня гвалту, як інструмэнту дзяржаўнай палітыкі. І падчас Дня Волі вось гэтая інтрыга, якую закінуў рэжым у асяродзьдзе апазыцыі, была зьвязана з менавіта з гэтым намацваньнем. Уладам трэба было апазыцыю паміж сабой пасварыць, сутыкнуць ілбамі, адсекчы радыкальную частку, то бок выбіць альбо вырваць апазыцыі зубы. А потым сказаць Захаду, што, маўляў, глядзіце, яны выходзяць, пратэстуюць, гэта ж няправільна, у вас таксама такія мітынгі падаўляюцца.

І праблема тут была сапраўды не ў Дні Волі, не ў канцэрце, і нават не ў тым, што частка апазыцыі ўзялася рыхтаваць той самы канцэрт, які прайшоў, па-мойму, добра. Праблема была ў тым, што частка апазыцыі прыняла гэтыя правілы гульні. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра палітыкаў, якія за сьпінай аргкамітэту падалі заяўку на канцэрт пасьля таго, як была дасягнутая дамоўленасьць дзейнічаць разам. І вось тут ёсьць праблема.

Таму што калі для часткі апазыцыі Шуневіч больш адэкватны, чым Статкевіч, а Макей робіцца большым беларусам, чым паэт Уладзімер Някляеў, то тады мы «прыплылі». Я прыхільнік таго, што апазыцыя ў гэтай сытуацыі проста крытычна павінная была заставацца разам, наколькі гэта было магчыма. Трэба было не даваць нагоды для гэтага расколу. Бо памяркоўныя і радыкалы ёсьць у любой сыстэме.