Рада БНК патрабуе спыніць выкраданні актывістаў апазіцыі

2018_0501_011

У Беларусі створанае спецыяльнае падраздзяленне, задача якога — нейтралізацыя вядомых актывістаў і лідэраў апазіцыі, а таксама тэрор у дачыненні да іх сем’яў.

Аб гэтым гаворыцца ў заяве Рады Беларускага нацыянальнага кангрэса «Спыніць палітычны тэрор». Прыводзім яе тэкст:

— Доўгі час улады выкарыстоўваюць практыку прэвентыўных затрыманняў актывістаў і лідэраў апазіцыі перад вулічнымі акцыямі. Раней гэта рабілі супрацоўнікі міліцыі, якія часам прадстаўляліся і паказвалі свае дакументы. Рэжым хаця б ствараў бачнасць выканання ўласных законаў.

Пасля веснавых пратэстаў 2017 года сітуацыя змянілася. Невядомыя ўзброеныя людзі за некалькі дзён да правядзення акцыі бяруць у аблогу дамы і кватэры актывістаў апазіцыі, 24 гадзіны ў суткі тэрарызуюць іх сваякоў і суседзяў, пагражаюць штурмам, а часам і фізічнай расправай, па-бандыцку выкрадаюць людзей проста на вуліцах. Падчас гэтага яны ўжываюць сілу, не прадстаўляюцца, не паказваюць сваіх дакументаў і не тлумачаць прычыну сваіх дзеянняў. У актывістаў адразу забіраюць тэлефоны, не даюць магчымасць апрануцца ці замкнуць дзьверы жытла.

Толькі ў 2018 годзе перад акцыямі 25 сакавіка і 1 мая такім чынам былі затрыманыя Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў, Вольга Нікалайчык, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч, многія рэгіянальныя лідэры апазіцыі. Дзясяткі актывістаў не змаглі патрапіць на санкцыянаваныя ўладамі мерапрыемствы з-за таго, што не мелі магчымасці выйсці з сваіх кватэраў і дамоў.

Аб затрыманнях у Мінску выкрадальнікі заўсёды дакладаюць кіраўніцтву ГУУС і непасрэдна ад яго атрымліваюць загады аб далейшых дзеяннях. Аналагічная схема дзейнічае і ў рэгіёнах. Шчыльная каардынацыя выкрадальнікамі сваіх учынкаў з міліцэйскім кіраўніцтвам і асаблівасці іх працы дазваляюць з упэўненасцю зрабіць выснову аб тым, што пры Міністэрстве унутраных справаў створанае спецыяльнае падраздзяленне, задача якога — нейтралізацыя вядомых актывістаў і лідэраў апазіцыі, а таксама тэрор у дачыненні да іх сем’яў.

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса патрабуе ад уладаў Рэспублікі Беларусь:

— правесці расследванне дзейнасці незаконнага ўзброенага фармавання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, высветліць, хто аддаў загад аб яго стварэнні і каардынуе яго працу,

— спыніць палітычны тэрор у дачыненні да актывістаў і лідэраў апазіцыі і іх сем’яў.

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса звяртаецца да беларускай і міжнароднай супольнасці з заклікам да салідарнасці з актывістамі і лідэрамі апазіцыі, а таксама з усімі грамадзянамі краіны, якіх пераследуюць па палітычных меркаваннях.