Палітвязня Змітра Паліенку павіншавалі з днём народзінаў

2018_0521_008

Прэзентацыя-абмеркаванне «Ровар не злачынства» прайшла ў Мінску 21 мая.

Мерапрыемства, арганізатарамі якога сталі праваабаронцы і сацыяльныя актывісты, прайшло ў мінскай прасторы «210 metrov». Удзел у ім прынялі каля 30 чалавек. Сярод іх — праваабаронца Валянцін Стэфановіч, адзін з лідэраў анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў, актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі і Вольга Нікалайчык.

Прысутным распавялі пра гісторыю роварнага руху «Крытычная маса» у Беларусі і пра акцыю, якая адбылася ў красавіку 2016 года, за ўдзел у якой была ўзбуджаная крымінальная справа супраць Змітра Паліенкі. Зараз актывіст адбывае 2 гады зняволення ў Бабруйскай калоніі.

Удзельнікі акцыі падпісалі віншавальныя паштоўкі Змітру Паліенку са словамі «Чакаем на волі!» і «Ніхто ня можа быць зусім вольны, пакуль ня ўсе на свабодзе».

— Вельмі рады, што сёння тут сабралося шмат людзей, што пытанні, якія мы абмяркоўвалі прыцягваюць значную ўвагу грамадства, — распавёў прэс-службе БНК адзін з арганізатараў мерпрыемстваВячаслаў Касінераў. — Відавочна, што праблема важная. Калі мы жывем у краіне, дзе ёсць палітвязні, калі людзей пераследуюць, пазбаўляюць волі за іх пагляды, то казаць пра яе развіццё немагчыма. Гэтая праблема павінна быць вырашаная ў першую чаргу.

Зміцер Паліенка адзначае дзень народзінаў 26 мая. Напішыце яму ці адпраўце віншавальную паштоўку па адрасе: Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, ПК-2, атрад 9. Паліенка Змітру Аляксандравічу.