Актывісты БНК ушанавалі памяць героя паўстання Каліноўскага

2018_0528_001

28 траўня споўнілася 155 гадоў з дня гібелі паўстанцкага начальніка Вілейскага павету Вінцэнта Козел-Паклеўскага.

Ушанаваць памяць паплечніка Яраслава Дамброўскага і Зыгмунта Серакоўскага прыехалі сябры Руха Салідарнасці «Разам», які ўваходзіць у склад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, з Менску, Маладэчна і Вілейкі.

Дэлегацыя Руха пад бела-чырвона-белымі сцягамі, на чале з палітыкам Вячаславам Сіўчыкам, сабралася ля крыжа на брацкай магіле паўстанцаў, якія загінулі ў баі з расейскімі акупантамі 28 траўня 1863 года каля вёскі Уладыкі на Вілейшчыне. Гучалі пранікнёныя прамовы сябраў арганізацыі, — міжнароднага каардынатара Руха, ініцыятара акцый да 155-годдзя Вызвольнага паўстання, палітыка Ігара Лялькова, мясцовых краязнаўцаў Паўла Хаванскага і Алеся Радкевіча. Вёў акцыю ўшанавання першы старшыня арганізацыі Вячаслаў Сіўчык.

Пасля хвіліны маўчання памаліліся за спачын душы загінулых за свабоду Бацькаўшчыны разам з дыяканам Беларускай Аўтакефальнай Царквы Міколам Бамбізам. Па традыцыі праспявалі нацыянальны гімн «Магутны Божа», усклалі кветкі і запалілі знічы.

Наступнымі кропкамі акцыі ўшанавання стала вёска Княгінін Мядзельскага раёна, дзе над брацкай магілай паўстанцаў з атрада Козел-Паклеўскага таксама стаіць крыж, і радавая капліца-усыпальніца Козел-Паклеўскіх у в. Вялікая Сэрвач Вілейскага раёна. Па адной з версій, менавіта тут былі перазахаваныя Вінцэнт Козел-Паклеўскі і яго брат Міхаіл. Ігар Лялькоў напрыканцы сваёй прамовы, прысвечанай гераічнаму чыну кіраўніка Вызвольнага паўстання на Вілейшчыне і Маладзечаншчыне, ўзгадаў яго апошнія словы: «Не мы, дык нашы косткі здабудуць незалежнасць»…

Традыцыйна завершылася акцыя гучным поклічам «Жыве Беларусь!»