Уладзімір Някляеў: Ёсць яшчэ большыя нягоднікі, чым уладальнікі «Бульбаш-холу»

maxresdefault (1)

Тое, што бізнесоўцы, якія будуюць кабакі на могілках, людзі без прынцыпаў, без маралі, несумненна.

Але ёсць яшчэ большыя нягоднікі. Гэта тыя, хто дазволіў будаўніцтва «Бульбаш-холу-паедзем-паядзім» і усяляк спрыяў нягоднікам-бізнесоўцам у барацьбе з грамадскасцю, якая справядліва расцаніла забудову ў Курапатах як кашчунства і намагалася яе спыніць.

Дваіх прадстаўнікоў грамадскасці, якія баранілі мемарыял, літаратара Паўла Севярынца і кінарэжысёрку Вольгу Нікалайчык брутальна затрымалі міліцыянты, склалі на іх пратаколы. Не самі ж міліцыянты такое прыдумалі — хто і адкуль даў каманду?Перакананы, што тыя ж чыноўнікі з тых жа адміністрацый, ведамстваў, якія за хабар мянялі межы ахоўнай зоны мемарыялу і перапісвалі ранейшыя, што забаранялі будаўніцтва «Бульбаш-холу», дакументы.

Дык каго затрымалі міліцыянты? Як даўно ўжо вядзецца ў нашай краіне, зусім не тых, каго трэба было. Не літаратара Паўла Севярынца і рэжысёрку Вольгу Нікалайчык трэба было затрымліваць, а тых, пазбаўленых сораму і сумлення, кабінетных пацукоў, якія паставілі свае подпісы пад гэтай ганебнай не толькі для Мінска, але і для ўсёй Беларусі старонкай «новай» гісторыі Курапатаў.

Уладзімір Наклеіў, «Фэйсбук»