Мікалай Статкевіч распавёў пра мэты акцыі 3 ліпеня

2017_0501_003

3-га ліпеня, калі ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень Незалежнасці, Беларускі Нацыянальны Кангрэс правядзе акцыю вызвалення і салідарнасці.

Яна пройдзе а 13-й гадзіне каля станцыі метро “Парк Чэлюскінцаў”. Пра мэты акцыі і пытанні, якія будуць на ёй узнятыя, «Радыё Рацыя» распавядае адзін з лідэраў БНК Мікалай Статкевіч:

– У гэтым годзе іх дзве. Гэта салідарнасць, таму што ізноў з’явіліся палітвязні, крымінальныя справы, у тым ліку супраць лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Генадзь з’яўляецца старшынём камісіі Рады БНК па сацыяльным пытанням і эканоміцы. Ён наш сябар. Мы абавязаны яго бараніць. Я не кажу пра тое, што зараз пераследуюцца БелаПАН, «Белсат”, «Хартыя’97”, палітвязні сядзяць.

Палітык прапанаваў актывістам, якія штодня збіраюцца ў Курапатах на абарону ахоўнай зоны, правесці другую частку акцыі, запланаванай на 3-га ліпеня:

– Курапаты – зноў выцягнулі гэтую тэму ўлады. Я прапанаваў калегам, якія бароняць ахоўную зону, каб яны далучыліся і зрабілі другую частку нашай акцыі , калі яны палічаць гэта неабходным. Мы збярэмся на праспекце Незалежнасці, правядзём там акцыю салідарнасці і вызвалення. Потым ускладзём кветкі да братняй магілы савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні Менска. А пасля будзе магчымасць перайсці праз праспект і ўскласці кветкі да крыжа ў парку Чэлюскінцаў, дзе таксама адбываліся расстрэлы.

Палітык не лічыць, што бізнесоўцы Леанід Зайдэс, Барыс Сурыс і іх кампаньёны самастойна вырашылі пабудаваць рэстарацыю “Поедем поедим” у ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты. Як мяркуе Мікалай Статкевіч, усё зроблена з ведама і паводле плану ўладаў, якія жадаюць прыцягнуць грамадства на абарону Курапатаў, адцягваючы ад іншых вялікіх праблем у дзяржаве.

– Не лічыце, што гэта ўладальнік рэстарана ў такім месце самастойна прыняў рашэнне пра адкрыццё рэстарана. Гэта ў нашай сітуацыі немагчыма. Ён атрымаў такую каманду. Яны правільна разлічылі, таму што людзі – патрыёты, і яны не могуць не рэагаваць. Але рэагуючы на гэта трэба ўсё ж такі разумець, дзе прычына. 3-га ліпеня ў вас будзе магчымасць у цэнтры горада на галоўным праспекце заявіць гэтую тэму.

Рэстарацыю ў Курапатах Статкевіч лічыць блюзнерствам і выступае ў падтрымку тых, хто бароніць мемарыял. Па яго словах, улада на чале з Лукашэнкам ужо не ўпершыню спекулюе на тэме народнай памяці, а таму рэстарацыя “Поедем поедим” не магла з’явіцца выключна з ініцыятывы бізнесоўцаў.