Імкліва са свістам даганяем Кубу

2017_0322_032

Як бы не перагнаць.

У менскай турме на Акрэсціна ўсё больш уражвае ды прыбівае дэградацыя соцыюму. Жанчынаў ад 20 да 50 — у сё болей. Яшчэ не так даўно яны мелі нейкую сям’ю, вучобу, працу, сьціплы дабрабыт, нават летні адпачынак. Але зараз гэтыя, часам разумныя ды прыгожыя таленавітыя цёткі, змяняюць адна адну ў маёй камеры амаль штодня, нібыта кадры з кінапробаў на ролю «падшых» гераіняк для фільмаў савецкага нэарэалізму. Жанчынак рассоўваюць: каго — па ЛТП на год, каго — на працы на гарадскім сметніку ў Соснах збіраць пластыкавую тару.

Схаваўшы галаву ў пясок ля карумпаванага дзяржаўнага карыта, уласнікі-узурпатары ўлады і грамадства атрымалі нарэшце катастрофу — асацыяльную процьму. Армію нашага насельніцтва, псыхатыпам нечым падобную на саўковы вечнабухі люмпен застою 80-х, з тагачасных менскіх раёнаў Трактарнага, Аўтазаводу, Сьцяпянкі, Чыжоўкі, якога-небудзь Асаналіева.

Шмат дзяўчат з правінцыі… Усе яны апроч таннага алкаголю з дадаткам нізкапробнага расейскага спірту ды наркотыкаў тыпу «скорость» ужо не чым не цікавяцца.

У іх павальна ВІЧ з гепатытытам С — салодкая парачка. Гэтых фантомаў, зданей метамарфозаў лукавага, ужо не абудзіш — прага да вызваленьня ў гэтых закладніц безчалавечнага мафіёзнага калгасніка, сканала на кончыку голкі «баяна». Яны — гэта вялікая частка нас, пакуль не большая, але…

Хворая дармавая рабская сіла турмы пад адкрытым небам у цэнтры Еўропы, кліенты-насельнікі новых пагостаў мегаполісу, ужо заняўшыя свае месцы па-за чаргой у гарадах мёртвых, якія пакрываюць беларускую зямлю значна хутчэй, чым новыя шматпавярховікі з кватэрамі, у якія гэтыя жанчыны не ўвойдуць ужо ніколі.

Дзяржава «хакеіста» апроч рабскай працы, турэмных паносных катлетак, «утульных люксавых» нумароў «всё включено» в ЛТП, нізкапробнага алкаголю ды даступнай самапальнай наркаты, нічога гэтым нашым людзям за 23 гады не прапанавала — суцэльныя міфы пра бясплатную адукацыю, медыцыну ды сацыяльную дзяржаву.

Падаем разам к чортай мацяры ў чорную дзюру саўковага лукашэнкаўскага раю — імкліва са свістам даганяем Кубу… Як бы не перагнаць.

Вольга Нікалайчык, «Фэйсбук»