Нам з вамі тлумачаць: 37-мы можа паўтарыцца

2017_0501_006

Жнівень — любімы месяц беларускага «правасуддзя».

У жніўні 2011 арыштавалі Алеся Бяляцкага. Тады ж, пасля вельмі жорсткага ціску, прымусілі падпісаць прашэнні аб памілванні частку фігурантаў Плошчы. У жніўні 2017 распачалі «справу прафсаюзаў», зараз ідзе судовы фарс.

Але сёлетні, здаецца, прабівае днішча чарговы раз. Крымінальная справа супраць прадстаўнікоў (найперш, прадстаўніц) найбуйнейшых недзяржаўных СМІ. Звышабсурдныя затрыманні і масавыя ператрусы з выманнем з капутараў, і не толькі, інфармацыі, якая не мае аніякага дачынення ні да справы, ні да яе «фігурантак», затое (а раптам пашчасціць!) можа дазволіць пасадзіць на крук самі СМІ.

Маладыя жанчыны, якія спякотнай раніцый прыйшлі на працу, апынуліся за кратамі за «крадзёж» асабліва каштоўнай інфармацыі пра абдымкі з чарговай вымытай шампунем каровай і бітву за ўраджай… Трымайцеся, дарагія!

Учора сведку па справе прафсаюза дастаўлялі з Салігорска міліцыянты.

І вось сенняшнія навіны: сведкаў па справе прафсаюзаў, якія ў судзе адмовіліся ад папярэдніх паказанняў і заявілі аб ціску з боку следства, сёння масава «даставілі» ў пракуратуру з пагрозамі выламвання дзвярэй і не даўшы мажлівасці нават патэлефанаваць ці выклікаць адвакатаў.

Мабыць, следчых ужо даставілі туды ў кайданках і з заломленымі рукамі? І такая спешка і бязмежны цынізм і гвалт у дачыненні да пацярпелых тлумачацца выключна жаданнем як найхутчэй разабрацца і сурова пакараць вінаватых, запляміўшых, так сказаць, «гонар мундзіра»? Мо спяшаюцца, каб на лаве падсудных месцы Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка занялі тыя, хто «скляпаў» пагрозамі і гвалтам тую справу?

Што ж, пахвальнае было б жаданне. Але ж не. Гэта нам з вамі тлумачаць: 37-мы не гісторыя. Гэта можа паўтарыцца.

Толькі памыляюцца. Час незваротны. І судзіць выканаўцаў і арганізатараў будуць па закону.

Хутка. Я ў гэтым упэўненая.

Марына Адамовіч