Алена Талстая: Беларусы здольныя абараніць сваю незалежнасць

2017_0325_103

Мы — мірны народ, але да пэўнага моманту.

Якое значэнне для будучай незалежнай Беларускай праваслаўнай царквы і для нашай краіны маюць падзеі, якія зараз адбываюцца ў Стамбуле? Чаму рэжым баіцца акцый асабістай мужнасці і пераследуе патрыётаў? Як мы зможам абараніць незалежнасць Беларусі? На гэтыя пытанні адказвае сустаршыня руху салідарнасці «Разам», які ўваходзіць у Беларускі Нацыянальны Кангрэс Алена Талстая.

— Вы — адна з першых, хто быў арыштаваны ў гэтым годзе за палітычную акцыю. Чаму вы 4 студзеня выйшлі разам Нінай Багінскай і іншымі актывістамі да будынку МУС?

— Ніна Багінская на працягу апошняга тыдня правяла тры падобныя акцыі. Яна ішла па праспекце Незалежнасці ад Чырвонага касцёла з плакатамі «Свабоду народу!» і «Свабоду палітвязням» з імёнамі ўсіх, хто сёння знаходзіцца за кратамі па палітычных выраках 28 і 30 снежня. У першы раз яе затрымалі, парвалі плакат і нашыўку на паліто. У другі яна дайшла да плошчы Якуба Коласа, гэты было ў дзень яе народзінаў. Многія людзі размаўлялі з ёй, пыталіся, падтрымлівалі. 4 снежня мы вырашылі падтрымаць яе, прасачыць, каб не здарылася нічога дрэннага. Калі яна дайшла да статую царскага жандарма, на яе адразу накінуліся чацьвёра міліцыянтаў, потым падбеглі яшчэ столькі ж амапаўцаў. Гэта адбывалася побач з прыпынкам, дзе шмат людзей было. З музею КДБ выходзілі дзеці з нейкай экскурсіі, і на іх вачах восем чалавек спрабавалі затрымаць адну Ніну Багінскую. Вельмі красамоўна атрымалася. Нас — тых, хто быў побач — таксама затрымалі. Вазілі з аднаго РУУС ў іншы, склалі пратаколы, якія мы не падпісалі.

Царскі жандарм — сімвал гэтага рэжыму, і нэрвовая рэакцыя ўладаў — такая, якая можа быць у тых, хто ўжо шмат гадоў карыстаюцца незаконнымі метадамі ў дачыненні да сваіх грамадзянаў.

— Учора адбылася сапраўды гістарычная падзея — падпісанне Томасу аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Ўкраіны. Сярод удзельнікаў руху салідарнасці «Разам» ёсць святары і вернікі непрызнанай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Якія перспектывы ў яе зараз?

— Рэжым Лукашэнкі — каланіяльны, і ніколі ён не дапусціць існаванне незалежнай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Гэта трэба разумець і мець на ўвазе. Ўлады клапоцяцца аб тым, каб не было ў нас ні сваёй дзяржавы, ні сваёй царквы, ні правоў, ні свабоды. Пераслед патрыётаў і нацыяналістаў сення гэта дэманструе. Рэжым разумее, што толькі самастойная нацыянальная беларуская царква будзе адстойваць інтарэсы незалежнай Беларусі, абараняць яе.

Зараз мы засталіся апошнім экзархатам РПЦ. Мы ня маем нават тых правоў якія мела праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне. Мы ня можам абіраць свайго прадстаяцеля, і цалкам залежым фінансава. Нават просьба аб тым каб фінансавыя сродкі, якія ахвяруюць нашыя вернікі, заставаліся у межах Беларусі была адхілена. Быў адказ з Масквы, што бліжэйшыя пяцьдзесят год гэта пытанне не актуальнае.

— Святары БАПЦ удзельнічаюць у акцыях, неаднаразова былі затрыманыя і арыштаваныя.

— У лістападзе мінулага году быў інцыдэнт з айцом Вікенціем Кавальковым, калі яго — інваліда — кінулі ў СІЗА, хаця не мелі на гэта ніякага права. Ён павінен быў удзельнічаць у традыцыйнай акцыі, якую мы праводзім разам з украінцамі ў Львове з гадавіну Слуцкага збройнага чыну. Мы бачым у гэтым рэакцыю расійскіх і беларускіх спецслужбаў як на спробы аднаўлення аўтакефальнай царквы ў нашай краіне, так і на любыя спробы заявіць пра агрэссіўнасць імперыі, якая з’яўяецца пагрозай незалежнасці Беларусі і Украіны.

— Царква і незалежнасць, як вы кажаце, звязаныя паміж сабой. Напрыканцы мінулага году былі агучаныя сур’ёзныя пагрозы для Беларусі.

— Я глыбока веру і глыбока перакананая, што беларусы, нягледзячы на зрусіфікаванасць і прапаганду, глыбока адчуваюць сябе іншымі. Не расійцамі. Не абыякавымі, здольнымі да супраціву. Гэтае натуральнае імкненне ў пэўны момант спрацуе. Наша гісторыя і досвед апошніх гадоў паказвае, што беларусы здольныя да змагання ва ўсіх формах. Мы — мірны народ, але да пэўнага моманту. Беларусы змогуць абараніць сваю незалежнасць, калі паўстане пагроза. Гэта можа быць нават нечаканым для рэжыму выбухам. Усім, хто будзе мець намер на нашу незалежнасць пакусіцца, ад каго б і з якога боку б гэтая пагроза не сыходзіла, трэба мець гэта на ўвазе. Беларусы сваю незалежнасць проста так не аддадуць.

Ужо зараз трэба змагацца за тое, каб вяртаць сваю свабоду, каб вяртаць сабе права выбару. Шляхі для гэтага кожны абірае тыя якія лічыць магчымым.

— Пэўныя падзеі могуць адбыцца нечакана і для грамадства, і нават для рэжыму. Як нам рыхтавацца да іх?

— На гэтае пытанне перш за ўсё павінны адказаць палітычныя лідары. Нейкія рэчы адбываюцца стыхійна, людзі выходзяць на вуліцы, але патрэбна арганізацыя, трэба ясна казаць пра пагрозы, тлумачыць, з якога яны боку. І ў гэтым, як і ўвесну 2017 года, будзе вялікая роля лідэраў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса. На іх арыентуюцца людзі.

Задачай руху салідарнасці «Разам» мы бачым гуртаванне інтэлектуальных сілаў Беларусі. Выбітныя прадстаўнікі нацыі, людзі, якія маюць аўтарытэт — такія, як Аляксей Марачкін, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Халіп, іншыя беларускія патрыёты — павінны быць з’яднаныя, каб у пэўны мамант прамовіць свае слова, павінны быць гатовыя да новых выклікаў.