Пара перамагаць!

2019_0117_001

На паседжанні Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК), якое адбылося ў Менску, кандыдатам на прэзідэнцкія выбары вылучаны старшыня аргакамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікалай Статкевіч.

Па словах палітыка, пасля гэтай падзеі ён адчувае натхненне, а тых людзей, якія прагаласавалі за яго, ён не падвядзе, перадае «Радыё Рацыя».

– Людзі сапраўды абмеркавалі гэтае пытанне з улікам свайго разумення, мудрасці, досведу і болю за лёс краіны. І вынікі галасавання для мяне натхняльныя, таму што ніводнага голасу супраць і тры устрымаліся з 18, якія бралі ўдзел у галасаванні. Я лічу, што гэта вялікі аванс і вялікі давер. Я не падвяду людзей! Калі ў нас, па некаторых падліках, 80 працэнтаў людзей у краіне хочуць пераменаў, то пара перамагаць, – падкрэсліў Мікалай Статкевіч.

Па словах аднаго з сяброў Рады грамадска-палітычнага актывіста са Слоніма Віктара Марчыка, Рада разглядзела шэраг пытанняў, сярод якіх было пытанне пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, якія могуць адбыцца сёлета ці ў наступным годзе. Рады БНК вырашыла прыняць удзел у выбарах і вылучыць аднаго кандыдата. Мікалай Статкевіч прапанаваў Уладзіміра Някляева, але Уладзімір Някляеў адмовіўся па розных прычынах.

— Тады была прапанавала ад БНК кандыдатура Мікалая Статкевіча. І гэту кандыдатуру падтрымалі многія сябры Рады БНК. Хаця ўсе сябры Рады БНК разумеюць, што выбараў у Беларусі няма. Але ігнараваць палітычную кампанію сёння нельга. Таму і сябры Рады БНК і ўсе беларусы сёння будуць дамагацца сапраўдных выбараў”, – сказаў Віктар Марчык.