Уладзімір Някляеў падтрымаў школьніка, які напісаў верш пра «Пагоню»

2018_0301_001

Адзін з лідэраў БНК выказаў салідарнасць з Германам Лебедзем.

Вучань салігорскай гімназіі № 1 напярэдадні Дня Волі зьмясьціў у сацсетцы «ЎКантакце» свой патрыятычны верш пра бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню». На наступны дзень класная кіраўніца, настаўніца расейскай мовы і літаратуры Наталля Арлукевіч загадала выдаліць пост.

Уладзімір Някляеў выказаў падтрымку Герману Лебедзю і размясціў у сацыяльных сетках свой верш «Народу можа засціць зрок…» з хэштэгам #германбчб і словамі «Мацуйся, Герман Лебедзь! Ты малайчына!»

Народу можа засціць зрок
Бяз дай прычыны.
Ды бачыць Божа кожны крок
На звод Айчыны.

У вочы вам адплаты час
Зірне сурова.
Каб дзеці апраўдалі вас,
Вярніце Мову!

Няма пачаткаў і канцоў,
Усё – працяг.
Каб не ўскіпела ў жылах кроў —
Вярніце Сцяг!

Улады сьверб, што вас скубе,
І славы сьверб,
Пакіньце ўсё сваё сабе —
Вярніце Герб!

Дальбог, пра гэта не са зла
Малюся ў скрусе,
А каб зямля вас прыняла
На Беларусі.