Яўген Афнагель падзякаваў усім людзям, якія ўзялі ўдзел у набажэнстве

2019_0407_102

Палітык заклікаў беларусаў выходзіць да храмаў у сваіх гарадах.

Аб гэтым каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адзін з лідараў БНК Яўген Афнагель заявіў на акцыі-малебне каля Свята-Духава сабора ў Менску:

«Курапаты — гэта сімвалічнае месца для Беларусі, і тое, што там адбылося 4 красавіка, гэта проста варварства. І пратэставаць супраць гэтага трэба паўсюль і заўсёды. Хачу заклікаць беларусаў збірацца каля храмаў у сваіх гарадах і іншых святых месцаў і маліцца за нашых продкаў, за Курапаты, за Беларусь. Так мы зможам абараніць краіну ад сатанінскай улады», — заявіў Афнагель.

Нагадаем, што 4 красавіка ўлады знеслі крыжы па перыметры Курапатаў.

Актывісты паведамляюць, што было знесена і вывезена блізу 100 крыжоў.

1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікола Статкевіч заклікаў выйсці ў нядзелю на малебен 7 красавіка а 12-й на плошчу Свабоды ля менскага Свята-Духава кафедральнага (праваслаўнага) сабора.

Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец падтрымаў правядзенне набажэнства ў нядзелю каля менскага Свята-Духава кафедральнага сабора.